Трагедыя здарылася ў кампусе Універсітэта Каларада ў Каларада-Спрынгс. Мужчына памёр ад трапляння молата, піша BBC.
Лёгкаатлетычныя спаборніцтвы сярод вучняў старэйшай школы (9−12 класы) праходзілі ўнутры спартыўнага комплексу. Прадстаўнік універсітэта паведаміў, што глядач загінуў у выніку кідка молата, які прабіў ахоўныя бар’еры.
Паведамляецца, што загінулага звалі Уэйд Лэнгстан. Ён быў бацькам аднаго з удзельнікаў спаборніцтваў. 57-гадовы Лэнгстан памёр, прыкрыўшы ад молата сваю жонку і сына (вага снарада можа дасягаць 7,26 кг).
«Мы забітыя горам праз гэты жудасны няшчасны выпадак і засяроджаныя на падтрымцы ўсіх удзельнікаў [трагедыі]», — сказала рэктарка Універсітэта Каларада.
Прадстаўнік паліцэйскага ўпраўлення Каларада-Спрынгс адмовіўся ад каментароў, заявіўшы толькі, што гэта быў «некрымінальны інцыдэнт».