Маці асуджанага на 7 гадоў калоніі Паўла Севярынца Таццяну аштрафавалі на 135 базавых адзінак (5400 рублёў), піша «Віцебская вясна». Таксама штраф атрымала і мама былога палітычнага зняволенага Іллі Міронава Валянціна, паведамляе «Штодзень».
Паводле звестак праваабаронцаў, Таццяну Севярынец судзілі па двух артыкулах КаАП: ч. 2 арт.19.11 (Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) і ч. 1 арт. 24.23 (Несанкцыянаванае пікетаванне). Абодва пратаколы былі складзеныя пасля вывучэння яе старонак у сацсетках.
Пра тое, што сілавікі затрымалі маці Паўла Севярынца, стала вядома 9 студзеня. Падставай для гэтага сталі «экстрэмісцкія падпіскі». Пасля затрымання жанчына трапіла ў бальніцу з ціскам. Пазней набліжаны да ГУБАЗіК тэлеграм-канал апублікаваў з ёю «пакаяльнае» відэа. Да суда Таццяна Севярынец была дома.
Таксама суд аштрафаваў маці экс-палітвязня Іллі Міронава Валянціну.
«Мама дома. Мы даведаліся пра гэта ад людзей, якія гэта дакладна ведаюць. Сувязі з ёй няма — гэта так. Тэлефона няма, грошай няма, каб купіць новы. Як мне стала вядома, ёй далі штраф. Пакуль не вядома, па якім артыкуле яе судзілі», — расказаў Ілля Міронаў.
Напярэдадні паведамлялася, што жанчына не выходзіць на сувязь. Апошні раз яна мела зносіны з сынам 23 студзеня. Пасля гэтага на званкі не адказвала. Валянціну Міронаву маглі затрымаць падчас хвалі рэпрэсій супраць сваякоў палітвязняў, якая пракацілася па Беларусі.